МАЦЬВЕЯ 1

1Кніга радаводу Ісуса Хрыста, Сына Давіда, Сына Абрагама: 2Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і братоў ягоных; 3Юда нарадзіў Пэрэса і Зару ад Тамар; Пэрэс нарадзіў Эсрома; Эсром нарадзіў Арама; 4Арам нарадзіў Амінадава; Амінадаў нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; 5Сальмон нарадзіў Боаза ад Рахаў; Боаз нарадзіў Абэда ад Рут; 6Абэд нарадзіў Есэя; Есэй нарадзіў Давіда валадара; Давід валадар нарадзіў Салямона ад Урыявай; 7Салямон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абію; Абія нарадзіў Асу; 8Аса нарадзіў Ясафата; Ясафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Озію; 9Озія нарадзіў Ёатама; Ёатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэкію; 10Эзэкія нарадзіў Манасу; Манаса нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; 11Ёсія нарадзіў Ёакіма; Ёакім нарадзіў Ехонію і братоў ягоных перад перасяленьнем у Бабілон. 12А пасьля перасяленьня ў Бабілон Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зэрубабэля; 13Зэрубабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліякіма; Эліякім нарадзіў Азора; 14Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; 15Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Маттана; Маттан нарадзіў Якуба; 16Якуб нарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус, называны Хрыстос. 17Гэтак усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; ад Давіда да перасяленьня ў Бабілон чатырнаццаць пакаленьняў; і ад перасяленьня ў Бабілон да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў. 18Нараджэньне Ісуса Хрыста было вось як: па заручынах маці Яго Марыі з Язэпам, раней, чым яны зыйшліся, выявілася, што яна цяжарная ад Духа Сьвятога. 19Язэп, муж ейны, будучы праведным і ня хочучы агаласіць яе, хацеў цішком адпусьціць яе. 20Але, калі ён падумаў гэтае, вось, анёл Госпадаў зьявіўся яму ў-ва сьне і сказаў: «Язэп, сыне Давідаў! Ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо Тое, што нарадзілася ў ёй, ёсьць ад Духа Сьвятога. 21Вось жа народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў іхніх». 22А ўсё гэтае сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: 23«Вось, Дзева прыйме ва ўлоньне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Іммануэль, гэта значыць: З намі Бог». 24Устаўшы зо-сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Госпадаў, і прыняў жонку сваю, 25і не спазнаў яе, аж нарадзіла Сына свайго Першароднага, і ён даў Яму імя Ісус.


Copyrighted Material
Learn More

will be added

X\